Мехдвор прадпрыемства - адзін з лепшых у вобласці!

Па выніках абласнога агляду-конкурсу па добраўпарадкаванні машынных двароў, гатоўнасці рамонтна-абслугоўваючых баз да работы ў зімовых умовах і машынна-трактарных паркаў да палявых работ мехдвор КСУП "Пагранічны-Агра" ўвайшоў у тройку лідэраў і заняў ганаровае другое месца. Рыхтаваліся загадзя Мехмайстэрні - гэта візітная картка любога сельгаспрадпрыемства. Менавіта тут захоўваецца і абслугоўваецца тэхніка, і ад таго, наколькі наладжана работа ў майстэрнях, шмат у чым залежыць будучы вынік на палях. А значыць, і вытворчыя паказчыкі. Да традыцыйнага спаборніцтва ў КСУП "Пагранічны-Агра" рыхтаваліся загадзя, накіраваўшы ўсе намаганні на стварэнне сучасных і камфортных умоў для работы механізатараў. Як зазначыў галоўны інжынер-механік Дзмітрый Кухарчык, работа вялася на працягу ўсяго мінулага года. - На тэрыторыі нашага сельгаспрадпрыемства знаходзіцца тры мехдвары - у Грыцэвічах, Кватарах і Цецераўцы, - распавядае Дзмітрый Аляксандравіч. - Большасць зменаў адбылося менавіта ў Грыцэвічах. Тут замянілі вокны, купілі новае шынамантажнае абсталяванне, адрамантавалі зварачную майстэрню, а замест былой кузні зрабілі шынамантажнае аддзяленне. Палепшылі таксама ўмовы бытавых памяшканняў: для механізатараў устанавілі новыя гардэробныя шафкі. Добраўпарадкаванне вялося і на машынных дварах «Цецераўка» і «Кватары». Там завяршылі абнаўленне будынкаў заправачных станцый, пафарбавалі бытавыя памяшканні і закупілі новую мэблю. У Кватарах замянілі таксама заправачныя калонкі. Парадак усюды Ужо на ўваходзе ў майстэрню ў Грыцэвічах бачны гаспадарскі падыход: вакол чыста і акуратна, усё стаіць на сваіх месцах, поўнасцю абсталяваны пакой для прыёму ежы і адпачынку. Механізатары тым часам заняты абслугоўваннем сельскагаспадарчай тэхнікі, абавязкова выконваючы пры гэтым правілы тэхнікі бяспекі. Як расказаў Дзмітрый Кухарчык, у ходзе агляду машынных двароў асаблівую ўвагу абласная камісія звяртала на стан прылеглых да машыннага двара тэрыторый, стварэнне санітарна-бытавых умоў, выкананне тэхнікі бяспекі і стан матэрыяльна-тэхнічнай базы. І ўсё гэта арганізавана ў КСУП "Пагранічны-Агра" на высокім узроўні. Менавіта дзякуючы зладжанай працы ўсіх механізатараў і інжынернай службы гаспадаркі на аглядзе-конкурсе ўдалося паказаць выдатны вынік. Добры калектыў, і тэхнікі хапае Аўтапарк КСУП "Памежны-Агра" штогод папаўняецца новай сучаснай тэхнікай. Бо без яе немагчыма ўявіць функцыянаванне галін і падраздзяленняў гаспадаркі.