КСУП «Паграничны-Агра»: усе поспехі - справа рук прафесіяналаў!
Ва ўладаннях гаспадаркі - 7762 гектара сельскагаспадарчых угоддзяў, 6 ферм. Вырабляюцца малако, мяса, раслінаводчая прадукцыя. З поўнай аддачай тут працуюць больш за 340 чалавек. Адзін з галоўных прынцыпаў, якім кіруюцца ў гаспадарцы, - гэта павага да людзей працы. Менавіта ад іх залежыць дабрабыт усёй гаспадаркі. Разам - і дырэктар, і работнікі - накіроўваюць свае намаганні на тое, каб расла аддача ад зямлі і павялічвалася вытворчасць жывёлагадоўчай прадукцыі. І, дарэчы, робяць яны гэта паспяхова. - Гэты год аказаўся даволі няпростым для ўсіх аграрыяў, - адзначае дырэктар камунальнага сельскагаспадарчага унітарнага прадпрыемства «Памежны-Агра» Віктар Блажжэеўскі. – Але, нягледзячы на ўсе цяжкасці, наш калектыў спрацаваў добра, вынікі цешаць. Асабліва парадаваў сёлета ўраджай цукровых буракоў - 12 542 тоны з сярэдняй ураджайнасцю 673 цэнтнеры з гектара, а таксама кукурузы на зерне - 4023 тоны пры ўраджайнасці больш як 100 цэнтнераў з гектара. І гэта не мяжа, бо ўборка яшчэ працягваецца. Добрых вынікаў дабіліся і ў жывёлагадоўлі. Таму самыя шчырыя словы падзякі і павагі за добрасумленную і высокапрадукцыйную працу хачу адрасаваць нашым людзям - механізатарам, жывёлаводам, аператарам машыннага даення, паляводам, абслуговаму персаналу, спецыялістам вышэйшага і сярэдняга звяна і ўсім тым, хто сумеснымі намаганнямі, насуперак капрызам надвор'я дапамог прадпрыемству. Дзякуй за працу, адданасць прафесіі і неацэнны ўклад у развіццё дабрабыту нашага прадпрыемства!