Першым тысячнікам у Бераставіцкім раёне стаў вадзіцель КСУП "Пагранічны-Агра" Пётр Кухарчык.
Уборачная кампанія на Бераставічыне набірае абароты. На гэтым тыдні вызначыўся ўжо першы "тысячнік" - ім стаў вадзіцель КСУП "Пагранічны-Агра" Пётр Кухарчык. Ён першым у раёне перасягнуў рубеж тысячу тон перавезенага збожжа новага ўраджаю. Павіншаваць героя жніва з такой знакавай падзеяй проста ў поле прыехаў старшыня Бераставіцкага райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Анішчык, які ўручыў Пятру Аляксандравічу дыплом і грашовую ўзнагароду. Словы падзякі за працу прагучалі для кіроўцы-тысячніка ад дырэктара гаспадаркі Віктара Блажэеўскага і старшыні першаснай прафсаюзнай арганізацыі Ірыны Шаўчэнкі. Дарэчы, ва ўборачных кампаніях Пётр Кухарчык удзельнічае з 1982 года, зараз у яго гэта ўжо 43-я гарачая пара.