Свята ўраджаю і традыцый. У КСУП "Пагранічны-Агра" правялі зажынкі
Цэнтральнай падзеяй свята стаў старадаўні абрад, які перад выхадам у поле здзяйснялі яшчэ нашы продкі. Першы сноп, які сімвалізуе ўрадлівасць і дабрабыт, быў урачыста зрэзаны і паднесены кіраўніцтву прадпрыемства. Гэты момант стаў кульмінацыяй свята, якое аб'яднала сучаснасць і векавыя традыцыі.
Механізатары - галоўныя героі ўборачнай кампаніі - былі адзначаны асаблівай увагай. У знак павагі і падзякі ім уручылі караваі. Цёплыя словы ўдзячнасці і шчырыя пажаданні гучалі на адрас кожнага ўдзельніка жніва. Настаяцель храма Святой прападобнай Еўфрасінні Полацкай айцец Сергій асвяціў рады з сельскагаспадарчай тэхнікай. Яго словы на дарогу і благаслаўленне сталі сімвалам духоўнай падтрымкі працаўнікоў вёскі ў іх нялёгкай справе.
Дырэктар прадпрыемства Віктар Блажэеўскі ў сваім прывітальным слове адзначыў важнасць правядзення ўборачнай кампаніі ў тэрмін і без здарэнняў, выказаў падзяку ўсім работнікам за іх самаадданую працу.
Народныя песні, якія гучалі ў гэты дзень у выкананні ансамбля польскай песні "Стакроткі" і работнікаў Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, стваралі асаблівы настрой і сталі гімнам працы і традыцыям беларускага народа.