Прафесійны старт у будучыню!
На Бераставічыне прайшоў раённы злёт маладых спецыялістаў "Прафесійны старт у будучыню". Для моладзі, якая прыбыла на адпрацоўку, гэта выдатная магчымасць бліжэй пазнаёміцца з раёнам, пазнаёміцца і пагутарыць адзін з адным, задаць пытанні кіраўніцтву райвыканкама і атрымаць на іх кампетэнтныя адказы з першых вуснаў. Мерапрыемства стартавала ў Бераставіцкім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці, дзе адбылося знаёмства маладых спецыялістаў з сацыяльна-эканамічным развіццём раёна, яго славутасцямі, культурным і турыстычным патэнцыялам з дапамогай выставак-прэзентацый арганізацый і ўстаноў раёна. Маладыя людзі наведалі музей Бялкі ў Вялікай Бераставіцы, усклалі кветкі да помніка Воіну-вызваліцелю, пабывалі ў вытворчым цэху "Бераставіца" ААТ "Малочны Мір", аграгарадку Малая Бераставіца, храме Покрыва Прасвятой Багародзіцы ў Алекшыцах і мехдвары. Пасля знаёмства з установамі і прадпрыемствамі раёна ў лёгкім, нязмушаным становішчы адбыўся адкрыты дыялог удзельнікаў злёту з кіраўніцтвам раёна. Маладыя людзі спыталі ў прадстаўнікоў мясцовай улады аб перспектывах развіцця інфраструктуры гарпасёлка і раёна, а таксама аб якасцях характару, якія дапамаглі ім у прафесійным росце. Інтэрактыўны фармат злёту прадоўжыўся творчым выступленнем каманд КВЗ. На вялікай сцэне прадстаўнікі сфер сельскай гаспадаркі, адукацыі, культуры і медыцыны бліснулі гумарам і крэатывам, прадэманстраваўшы свае творчыя здольнасці.