Запалілі агні на навагодняй ёлцы!

У панядзелак, 9 снежня, на Бераставіччыне быў дадзены старт цырымоніі запальвання святочных агнёў на навагодніх ёлках. Бліскучыя яркія ілюмінацыі адкрылі шэраг пераднавагодніх і калядных мерапрыемстваў у населеных пунктах раёна. Запальванне агнёў на зялёнай прыгажуні-ёлцы ў аграгарадку Пагранічны прайшло ў святочнай навагодняй атмасферы. Людзі прыйшлі сем'ямі, з маленькімі дзецьмі, для якіх Новы год – гэта час чараўніцтва і выканання жаданняў. Казачныя персанажы, вясёлыя конкурсы, традыцыйны карагод вакол ёлкі, салодкія падарункі ад Дзеда Мароза і Снягуркі, пра якія, дарэчы, паклапацілася мясцовае сельгаспрадпрыемства, фота на памяць з героямі свята – усё гэта напоўніла свята казкай і чараўніцтвам, падарыўшы яркія і незабыўныя эмоцыі.